Dezeen – самы папулярны і ўплывовы ў свеце часопіс аб архітэктуры і дызайне, які мае больш за тры мільёны чытачоў штомесяц і сем мільёнаў падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Напрыканцы 2022 года ён абвясціў пераможцаў у архітэктурных катэгорыях конкурсу Dezeen Awards-2022, які адзначае лепшую архітэктуру, інтэр’ер і дызайн ва ўсім свеце.
Удзельнікаў ацэньвала міжнароднае журы, у якое ўвайшлі адны з самых вядомых прадстаўнікоў сусветнай архітэктурна-дызайнерскай супольнасці: японскі архітэктар Су ФУДЗІМОТА, куратар Трыенале архітэктуры Шарджы Тосін АШЫНАВА, брытанска-нігерыйскі архітэктар Анет ФІШЭР, спецыялісты шматпрофільнай студыі Assemble Co. (заснавальніца Палома СТРЭЛІЦ), піянер зялёнай архітэктуры Стэфана БОЭРЫ і першая ў Пакістане жанчына-архітэктар Ясмін ЛАРЫ.
Праекты-пераможцы былі выбраны больш чым з 5400 заявак больш чым з 90 краін. Усяго ў шорт-ліст увайшлі 57 праектаў у 11 архітэктурных намінацыях.
У намінацыі «Малы будынак года» перамагла Галерэя малюнкаў у Ле-Пюі-Сэнт-Рэпарад (Францыя), спраектаваная Рычардам РОДЖЭРСАМ (RSHP). Суддзі назвалі гэты аб’ект чароўным у прастаце думкі і складанасці выканання (фота 1, 1а).
Музей сучаснага мастацтва і культурны цэнтр Argo у Тэгеране (Іран) – праект Ahmadreza Schricker Architecture North – выйграў званне «Культурны будынак года» за пераўтварэнне бровара 1920-х гг. у цэнтры Тэгерана ў музей сучаснага мастацтва (фота 2, 2а). На думку журы, гэта смелае адаптаванае паўторнае прыстасаванне гістарычнага будынка ў цэнтры горада прапануе яго мэтанакіраванае выкарыстанне, якое з’яўляецца інклюзіўным, паважае мінулае і адначасова глядзіць у будучыню.
Кніжны дом Pingtan ад Condition_Lab у кітайскай правінцыі Хунань таксама атрымаў высокую ацэнку ў катэгорыі «Культурны будынак года». Яго адметнасцю стала двухвінтавая лесвіца, прызначаная для таго, каб дзеці маглі чытаць і гуляць (фота 3, 3а).
Маленькі востраў ад Heatherwick Studio, Arup і MNLA – гэта грамадскі парк плошчай 1 га і адкрытая пляцоўка для перформансаў, якая стаіць на 132 бетонных калонах на паўднёва-заходнім беразе Гудзона (фота 4, 4а). Праект стаў пераможцам у намінацыі «Ландшафтны праект года». Суддзі ахарактарызавалі гэта як яркі і вобразны дадатак да Нью-Ёрка, які павялічвае сацыяльную каштоўнасць горада, ствараючы новую прастору для адпачынку сем’яў.
Студыя Скота Уітбі выйграла ў намінацыі «Адраджэнне» за рэканструкцыю басейна Jubilee 1930-х гг. у Пензансе – аднаго з пяці закінутых басейнаў з марской вадой у Вялікабрытаніі (фота 5, 5а). «Гэты праект прадстаўляе цэласную ідэю адраджэння і ўстойлівасці, – адзначыла журы. – Ён далікатна адлюстроўвае апеку супольнасці над гэтым грамадскім аб’ектам і жаданне захаваць яго і пашырыць выкарыстанне дзеля будучых пакаленняў».
У намінацыі «Праект адраджэння жылых памяшканняў года» адзначана праца Studio Bua па рэканструкцыі заняпалага бетоннага хлява з відам на запаведнік Брэйдаф’ёрдур на захадзе Ісландыі (фота 6, 6а). «Гэты праект быў рэалізаваны дзякуючы сапраўднаму інжынернаму подзвігу, а гатовы будынак тонка адпавядае свайму кантэксту», – пракаментавалі суддзі.
Дом з васьмю дварамі ад Studio Bright атрымаў званне «Гарадскі дом года» (фота 7, 7а). Прыгожы і яркі, ён вылучаецца тым, што цудоўна ўвайшоў у існуючы ландшафт Мельбурна.
Архітэктурнае бюро Marfa Ranch выйграла ў намінацыі «Сельскі дом года» за дом у пустыні Чыхуахуан (ЗША), ля возера Флато (фота 8, 8а). Гэты будынак стаў важным дадаткам да наваколля. Просты, прадуманы і вельмі добра выкананы з пункту гледжання матэрыялаў аб’ект з выкарыстаннем утрамбаванай зямлі, якая ўкараняе яго ў навакольны ландшафце.
Бюро Olaf Gipser Architects адзначана ў намінацыі «Жыллёвы праект года» за свой 47-метровы жылы комплекс у Нідэрландах з папярочна-ламінаванага бруса, які вырашае задачу камунальнай, высокашчыльнай, устойлівай гарадской забудовы (фота 9, 9а).
Цэнтр вясковай супольнасці ў раёне Юньлун (Кітай), створаны ўніверсітэтам Тунцзі і Archi-Union Architects, перамог у намінацыі «Грамадскі будынак года» (фота 10, 10а). Будынак з утрамбаванай зямлі з’яўляецца часткай дзеючай праграмы сацыяльнага забеспячэння. «Гэта шчодры твор грамадскай архітэктуры, які славіць і ўзвышае як людзей, так і месца. Фантастычны прыклад таго, як выкарыстоўваць традыцыйныя матэрыялы ў сучасным ключы», – адзначана ў прэс-рэлізе журы.
Фабрыка Jakob Factory Saigon ад G8A Architects і Rollimarcini Architekten стала пераможцам у намінацыі «Бізнэс-будынак год». Гэты аб’ект быў спраектаваны для размяшчэння вытворчасці дратоў з нержавеючай сталі ў В’етнаме. Будынак ахінуты падвеснай канструкцыяй з геатэкстылю, якая дзейнічае як другая скура, фільтруючы дождж і сонца (фота 11, 11а). «Рэдка можна ўбачыць будынак фабрыкі, створаны з такой дбайнасцю, – заўважылі суддзі. – Гэта падобна да прасторы, якая створана дзеля падтрымкі дабрабыту рабочых, прыносячы прыроду ў фабрычныя цэхі. Гэта занадта рэдкая з’ява, і яе трэба адзначаць».
Апошні пераможца – клубны дом Valle San Nicolás ад кампаніі Sordo Madaleno Arquitectos з намінацыі «Гасцінічны будынак года» (фота 12, 12а). Ён зроблены з клеенага брусу і ашаляваны вулканічнам каменем, размешчаны на ўскраіне Валье-дэ-Брава ў Мексіцы. «Гэты праект адрозніваецца прыгожай гульнёй архітэктуры і перспектывы, а таксама вельмі добра ўключаны ў наваколле», — адзначыла журы майстроў архітэктуры.
Матэрыял рубрыкі падрыхтаваны з падтрымкай рэсурсу www.v2com-newswire.com
Пераклад і адаптацыя тэксту – Вольга Машарава